Інтэрвію пра Рому Англічаніна для ВК-суполкі “Няхай”

slider image

Мама » Навіны » Інтэрвію пра Рому Англічаніна для ВК-суполкі “Няхай”

Суполка “Няхай” узяла інтэрвію у колішняга ўдзельніка і заснавальніка групы MAUZER, Jana Mauzera. Матывам, які змусіў нас пайсьці на гэта ўсё, сталася неадчэпнае пачуцьцё настальгіі, а таксама ўсьведамленьне таго, што гэты гурт быў тым глытком вольнага паветра, якім мы поўніліся, і вось салодкі прысмак тых ўспамінаў цяперака выклікае эмоцыі замілаванасьці, радасьці й пачуцьцё пекнасьці. Інтэрвію будзе цалкам прысьвечанае Рaману Сашчэку. Гэта будзе шчыры ўспамін Jana Mauzera, пра іх агульную з Ромам і ўжо мінулую творчую калябарацыю.

Мы задалі 10 пытаньняў, што тычацца іх супольнага Маўзэраўскага мінулага.

 

Ромa Сашчэка.
(1988 – 2017).
In memoriam.

1 пытаньне

Jan, прыгадай калі ласка, першую сустрэчу з Ромам? Як гэта было…выпадковасьць ці праз агульных сяброў? Што адметнага, якую разыначку ты адразу запрыкмеціў у Рому?

 

Калі не памыляюся (а магу, бо даўно было), то пазнаёміліся на магілёўскім форуме. Здаецца, Рома напісаў у асабістыя, што ён робіць электроніку на кампе й хацеў бы паспрабаваць уліцца ў нашую каманду. Прыводзіў прыклады Псіхеі й 5Дыез. Мне тады здавалася гэта крутым — я загарэўся. Рома даслаў кавалачак «Я застануся» са сваімі напрацоўкамі. І я паехаў да яго знаёміцца – адзін ці з Колхзам, ня памятаю. Рома ўмеў зрабіць станоўчае уражаньне. Спрацоўваў «уаў-фактар». Думалася: як нам пашанцавала, які таленавіты.

2 пытаньне

Ты адпачатку ўсьвядоміў, што Рома – гэта той чалавек, які можа стацца часткай тваёй творчай прасторы?

 

Мне хацелася, каб у нас быў сэмплер. Рома мог. Да таго ж, ён быў класным хлопцам – вельмі вясёлым і цынічным – зь ім было добра тусавацца.

3 пытаньне

Ці памятаеш з чаго менавіта пачынаўся творчы шлях Ромы ў групе Mauzer?

 

Са спробаў граць на клаве кампа праз Frooty Loops. Прычым, ён спрабаваў граць менавіта лупы, а ня сэмплы. І гэта, канешне, было правальным. Бо мы рэпэтавалі й выступалі бяз кліка. То бок, тэмп плавае. Запусьціць луп у сярэдзіне песьні, каб гэта было ў патрэбнай хуткасьці, не было магчымым. Тэхнічныя рашэньні гэтай сытуацыі ёсьць, але тады мы прыйшлі проста да таго, што любыя лупы запускаюцца толькі ў якасьці ўступа (прыклад – Радасьць, Я застануся), а далей у песьні граюцца выключна асобныя сэмплы-эфэкты. На альбомах ня так – там Kolxz дапісваў розныя клавішныя рэчы. А на канцэртах было менавіта так.

4 пытаньне

Распавядзі, калі ласка, пра тагачасныя захапленьні Ромы? Музыка, кіно, мастацтва, літаратура?

 

Калі толькі пазнаёміліся, Рома пёрся ад Mindless Self Indulgence, плюс стандартнае Korn, Limp Bizkit, Linkin Park. Потым вельмі хутка ён перасеў на эма-хвалю – My Chemical Romance, Panic at the Disco, AFI, Fall Out Boy, Bullet for My Valentine. Любіў расейцаў Стыгмата.

 

Зь літаратуры – Ірвін Уэлш «На ігле».

5 пытаньне

Ці тлумачыў калі-небудзь Рома сваю мянушку UFO? Можа ты ведаеш гісторыю ўзнікненьня гэтай мянушкі?

 

Не) Мы не задумваліся. Ufo й Ufo – норм.

6 пытаньне

Апрача ўсяго іншага, мы ведаем Рому ня толькі як біт-мэйкера, але яшчэ як бэк-вакаліста. У якіх трэках Mauzer гучыць Ромаў голас? Бо, вядома, што ў іншых праектах, такіх як Jonh Doe/Грязь і ЛСП, Рома час ад часу сьпяваў бэкі.

 

Ну, Рома любіў пакрычаць на канцэртах і, часам, рэпэтыцыях. Але на першым дыску ў нас і так было 2 вакалісты – Бораў разам са мной. А калі мы пісалі другі альбом, Рома ўжо сыйшоў у вольны палёт, таму там ягонага голасу таксама няма. Увогуле, Рома мацней раскрыўся як раз у далейшых сваіх калектывах – там ён і тэксты пісаў, і музло, і чытаў. У нас ён гэтага ў поўнай меры рабіць ня мог. Магчыма, гэта й сталася адной з прычынаў ягонага сыходу.

7 пытаньне

Цікава, што з Ромавых напрацовак урэшце рэшт сталася часткай песень групы Маўзэр? Да чаго Рома, так бы мовіць, “прыклаў руку”?

 

Не, у нас творчы працэс быў наладжаны іншым чынам. Я пісаў тэкст (часам таксама гармонію і мэлодыю), адпраўляў Колхзу. Той пісаў гітарную партыю й запрашаў мяне. Я сьпяваў на ягоную гітару нейкую мэлодыю. Колхз тады мне казаў: вось я так сабе гэта й бачыў. І ўжо потым мы альбо слалі дэмку Рому, альбо проста чакалі яго на агульнай рэпэтыцыі, каб ён падумаў над сваёй партыяй.

8 пытаньне

Мы ведаем пра іранічна-цынічны Ромаў падыход да жыцьця. Ці былі рэчы, да якіх Рома ставіўся сур’ёзна?

 

Ну, канешне. Да творчасьці ён сур’ёзна ставіўся. Ставіўся, але не падыходзіў) Падыход заўжды быў расьпізьдзяйскі) У гэтым сэньсе Ромыч куды больш тру-рокер за нас усіх астатніх) Падазраю, што ў працы з Каржом, ЛСП і іншымі калярэп-праектамі, Рома ўжо й падыходзіў сур’ёзна да музыкі.

9 пытаньне

Што сталася знутры Маўзэра, што змусіла Рому сыйсьці з гурта?

 

У мяне зь ім адбыўся канфлікт асабістага характару – мы яго потым цалкам пераадолелі й заставаліся прыяцелямі. І былі непаразуменьні музычна-вытворчага тыпу. Рома заўжды знаходзіў прычыны не рабіць сваю справу – спачатку не было грув-бокса, потым грув-бокс слабы, трэба магутны комп, потым магутны комп ня зручны, трэба добры грув-бокс))) Яму не хапала ўседлівасьці, каб узяць і напісаць электроніку на ўсю песьню ад пачатку да канца. Гэта ўвогуле характарызуе Рому. Разумны й таленавіты, але ўседлівасьці не хапала. Хутка губляў цікавасьць. Пачне біць тату, праз 30 хвілін стоміцца й кажа: прыходзь праз тыдзень, усё ўжо зажыве. Ну, я ж ведаю, што не зажыве. І з музыкай так. Потым ён пасталеў, але гэты было ўжо ня з намі.

10 пытаньне

Jan, прыгадай, калі ласка, апошнюю сустрэчу з Ромам? І каб не завяршаць нашую размову мінорна, распавядзі які-кольвек сьмешны, камічны выпадак з Ромавым удзелам, які табе давялося ўбачыць. Калі памятаеш, можаш прывесьці некалькі такіх сытуацый.

 

Апошняя была на канцэрце ЛСП, здаецца, 16 года ў Кіеўскім Атласе. Яны прыязджалі ўтрох – Рома, Алег і Дзёня Манёнак – гукарэжысэр, які раней быў і Маўзэраўскім гукарэжам. Ромыч як заўжды быў абаяльны, вясёлы й сьмеючыся распавядаў, як на яго злаваліся тур-мэнэджэры. Бо недзе са сцэны ў Дняпры ён нешта сказаў пра «маскальскую мову».

Мне расказвалі вось якую гісторыю. Калісьці ў дзяцінстве Рома паехаў у летні лагер. Там ён усіх пераканаў, што вампір. І ў Ромы быў гадзіньнік зь зялёным падсьвятленьнем. Дык вось, ён змусіў паверыць астатніх дзяцей, што калі нехта паглядзіць на гадзіньнік, калі той гарыць зялёным агнём, то таксама стане вампірам. І дзеці рэальна баяліся. Такі вось Рома)